ПРЕССА. Газета “Звязда”. “Валейбалістка Дар’я Вакулка: Уменне спалучаць агульнае і асабістае робіць спартсменаў унікальнымі людзьмі”.
Автор: Валерия Стецко
«Адзін — за ўсіх, і ўсе — за аднаго» — прынцып, якім кіруюцца не толькі мушкецёры, але і прадстаўнікі камандных відаў спорту. Яны, як ніхто іншы, ведаюць, што такое моцнае плячо побач і сяброўская падтрымка. Але па-за спартыўнай пляцоўкай таксама ёсць жыццё, дзе патрэбна «гуляць» па-свойму. Валейбалістка Дар’я Вакулка ўпэўненая: уменне спалучаць агульнае і асабістае робіць спартсменаў унікальнымі людзьмі.
— Дар’я, раскажы, калі ласка, што прывяло цябе ў валейбол?
— Рост. Я была, напэўна, у чацвёртым класе, калі настаўніца фізкультуры прапанавала мне і яшчэ некаторым высокім дзяўчынкам займацца гэтым відам спорту. У той час захаплялася танцамі, але і гуляць атрымлівалася нядрэнна. У школьнай секцыі займалася недзе год. А потым перайшла ў спартыўную школу. Ніколі не забуду той кастынг, дзе былі эстафеты, якія я не пераношу. І з пятага класа, калі трапіла ў спартыўны клас, пачалося сапраўднае спартыўнае жыццё: трэніроўкі, зборы, спаборніцтвы, у перапынках — вучоба. А ў 11-м класе перайшла ў вучылішча алімпійскага рэзерву і ўжо адтуль — у «Мінчанку». Зараз я ў другой камандзе, мы рыхтуемся да выступленняў у асноўным саставе. Заўжды хацела выступаць менавіта за гэты клуб, ён дае каласальны вопыт.
— Які турнір у сваёй кар’еры ты лічыш знакавым?
— Канешне, чэмпіянат Еўропы ў 2020 годзе, калі мы занялі трэцяе месца. Хоць да гэтага ўжо былі і чэмпіянат Еўропы, і чэмпіянат свету, і Еўрапейскі юнацкі алімпійскі фестываль. Але турнір, дзе каманда заваявала медалі, — самы важны. Мы некалькі месяцаў вельмі сур’ёзна рыхтаваліся і шмат працавалі. Вольга Сяргееўна Пальчэўская, наш трэнер, выдатная жанчына, інакш не магу яе назваць. Яна вельмі добра нас разумее. На чэмпіянаце Еўропы яна казала, што «гуляла» разам з намі, так хвалявалася і ўсё прымала блізка да сэрца. Я падчас матчаў гэтага не заўважала, але дзяўчаты расказвалі, што яна была сама не свая. Магчыма, усё таму, што Вольга Сяргееўна сама нядаўна скончыла кар’еру гульца. Дагэтуль з намі займаліся выключна мужчыны, таму нам усім цікава.
З маімі першымі трэнерамі Пятром Уладзіміравічам Пархімчыкам і Уладзімірам Мікалаевічам Каноплічам мне было вельмі камфортна працаваць, мы і цяпер камунікуем. Пасля працавалі з Дзмітрыем Аляксандравічам Катом, у яго была жорсткая дысцыпліна. Барыс Барысавіч Каляда — вельмі добры чалавек. Але Вольга Сяргееўна разумее нас як ніхто іншы. Хоць, як паказвае практыка, жанчыны заўсёды трымаюць жорсткую дысцыпліну, а мужчыны дзяўчат шкадуюць. Але не заўсёды добра даваць слабіну, усяго павінна быць у меру. Не магу сказаць, што мне падабаецца, калі трэнер вельмі мяккі.
— Памятаеш свае адчуванні, калі даведалася, што ты ў саставе каманды, якая едзе на чэмпіянат Еўропы?
— Я меркавала, што паеду на яго. Канешне, калі ўсё пацвердзілася, адчула шмат станоўчых эмоцый. Але ваў-эфекту не было, я ўжо выступала на такіх спаборніцтвах, і для мяне гэта было не ў навіну. На жаль, у Беларусі няма такой колькасці гульцоў, каб канкурыраваць за месца ў зборнай. З аднаго боку, добра, што нам не трэба «выгрызаць» месца ў камандзе, а з іншага — канкурэнцыя заўсёды дапамагае трымаць сябе ў тонусе.
— А адчуванні ад таго, што вы сталі камандай, якая ўпершыню з 2000 года заваявала «бронзу» чэмпіянату Еўропы?
— Спачатку зусім у гэта не верыла. Нават калі вярнулася дадому, не адчувала, што мы зрабілі штосьці значнае. А з часам, калі віншаванняў станавілася ўсё больш і больш, прыйшло асэнсаванне. Былі неверагодныя адчуванні ад таго, што мы праз усё гэта прайшлі, змаглі, і хоць было вельмі цяжка, наша каманда справілася з выпрабаваннем.
— Ці ёсць пэўны клуб, за які ты хацела б выступаць?
— Не магу назваць такі, але я хацела б нейкі час пагуляць у Італіі. Мне расказвалі, што там вельмі высокі ўзровень падрыхтоўкі і многаму можна навучыцца. А ўвогуле я назіраю за асобамі, а не за камандамі. Кожная з іх па-свойму моцная, а выдатныя валейбалісткі — людзі, за якімі мне цікава назіраць. Падабаецца расіянка Таццяна Кошалева, нашы Ганна Клімец і Настасся Гарэлік, сербская спартсменка Ціяна Башковіч.
— Дар’я, колькі патрэбна часу, каб каманда стала адзіным цэлым?
— Гэта залежыць ад саміх людзей. Напрыклад, рыхтуючыся да чэмпіянату Еўропы, мы з дзяўчатамі былі разам некалькі месяцаў. У жніўні быў турнір, а працаваць мы пачалі з чэрвеня — пастаянна знаходзіліся на зборах. За гэты час паспелі і надакучыць адна адной, і навучыліся добра разумець. У жыцці мне часам складана хутка знайсці агульную мову з незнаёмымі людзьмі, трэба прыгледзецца, а тут часу хапіла на ўсё.
— Сяброў у валейболе лёгка займець?
— Канешне. У сваёй камандзе мы пастаянна разам. На зборах ці спаборніцтвах знаёмімся з дзяўчатамі з іншых. Мая найлепшая сяброўка — Віка Касцючык, якую ласкава называю Косцем, выступае за гродзенскі клуб «Камунальнік ГрДУ». Яшчэ адна блізкая сяброўка — Дар’я Бурак з мозырскай «Жамчужыны Палесся», з якой я некалі пачынала. Мне здаецца, людзі з камандных відаў спорту, як ніхто іншы, ведаюць цану сяброўству.
— Чаму ты вырашыла разбурыць стэрэатып пра тое, што ўсе спартсмены абавязаны паступаць ва ўніверсітэт фізічнай культуры, і стала студэнткай Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта?
— Не разумею, чаму лічыцца, што ўсе павінны вучыцца ў БДУФК. Таму што гэта спартыўны ўніверсітэт і там можна лёгка сумяшчаць вучобу і кар’еру? Спартсмены — асаблівыя людзі, яны вельмі развітыя, вельмі разумныя і здольныя на многае не толькі на пляцоўцы. Дык чаму б і не паспрабаваць сябе ў нечым новым? Я вучуся на эканамічным факультэце БДУ на спецыяльнасці «менеджмент», спасцігаю, што такое інавацыйны і міжнародны менеджмент. Цікавая, сучасная і важная спецыяльнасць.
— Яна — спецыяльнасць тваёй мары?
— Шчыра сказаць, не. У 2019 годзе я сумяшчала паступленне ва ўніверсітэт з падрыхтоўкай да чэмпіянату свету. У мяне было каля 20 дзён, каб здаць цэнтралізаванае тэсціраванне і падаць дакументы. Я добра здала рускую і англійскую мовы, матэматыку і на ўсялякі выпадак — біялогію. І пачала думаць, куды падаць дакументы. Прызнаюся, былі думкі аб БДУФК, бо разумела, што ў «звычайным» універсітэце мне будзе цяжка нармальна вучыцца праз свой спартыўны графік. Але ў «Мінчанцы» мяне супакоілі, сказалі, што будуць дапамагаць, дамаўляцца з універсітэтам, калі будзе трэба. Галоўнае — каб я пайшла туды, дзе мне будзе цікава. Мне падабаецца спецыяльнасць, хоць прыходзіцца пераносіць тэрміны сесіі, бываюць праблемы з некаторымі выкладчыкамі, пропускам заняткаў. Але ж я разумела, на што ішла.
— Ты сказала, што спартсмены — асаблівыя людзі. Што канкрэтна ты мела на ўвазе?
— Спорт выхоўвае і цалкам змяняе характар. Я ў гэтым пераканалася на ўласным прыкладзе. У дзяцінстве была вельмі мяккай, дамашняй дзяўчынкай, «мамінай дачушкай», як кажуць. А праз столькі гадоў у спорце стала больш эмацыянальнай, рашучай, цярплівай. Я не магу доўга сядзець на адным месцы, мне пастаянна трэба рухацца, кудысьці ехаць, спрабаваць нешта новае.
— Што ты можаш адказаць людзям, якія сумняваюцца, ці варта гуляць у валейбол?
— Не сумнявайцеся, гуляйце ў яго! Нават гульня «для сябе» на аматарскім узроўні забяспечыць вам добрую фізічную падрыхтоўку, прыгожае цела. І — што вельмі важна — гульня адцягвае ад праблем. Немагчыма перадаць словамі, як валейбол падымае настрой, гэта можна толькі адчуць. Я ўжо не ўяўляю свайго жыцця без гэтых эмоцый, адрэналіну. Нават падчас адпачынку, на дачы ці на пляжы, крыху гуляю ў валейбол. Не разумею, як можа не хацецца пагуляць у яго. Я іду на трэніроўку пры любых абставінах, у любое надвор’е, бо ведаю, што там атрымаю выдатныя эмоцыі.